Не сядзіцца вучням ДУА “Томкавіцкі ВПК ЯС-БШ” дома. Пазнаём раён, суседзямі цікавімся, па Беларусі экскурсантамі ездзім. Не выключэннем з’яўляецца і гэты год. Вясной наведалі Навагрудак, летам схадзілі ў паход па маршруце “Томкавічы – Дворышча – мемарыяльны комплекс «Глухое Пярхурава» – гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння «Юцкоўскія крыніцы» – Томкавічы”, а восенню нас гасцінна сустрэў Уздзенскі раён.
Пешае падарожжа па Уздзеншчыне прайшло цікава і змястоўна. Першы прыпынак быў зроблены ў межах нашага раёна. Байчук Алена Віктараўна, настаўнік гісторыі Негарэльскай базавай школы № 2, правяла для нас аглядаваю экскурсію па знакавых аб’ектах пасёлка. А потым адбылася сустрэча з раённым цэнтрам Узда. Прагулка па Чырвонай плошчы, любаванне драўляным касцёлам, наведванне краязнаўчага музея, здзіўленне ад сузірання грабніцы роду Завішаў на мясцовых могілках. У вёсцы Першамайск (раней Кухцічы) аглядзелі рэшткі сядзібы і кальвінскага збору, недалёка ад ракі Уздзянка арганізавалі бівак і правялі ноч пад шум дажджу, навальніцы.
Другі дзень нашага маршруту – гэта вёска Нізок, дзе нарадзіліся К. Крапіва, П. Трус, Л. Арабей. Амаль вытокі ракі Неманец, самыя вялікія валуны Мінскай вобласці, бульба з вогнішча і скрылікі сала на дубчыках.
Надвор’е трэцяга дня паходу дало магчымасць палюбавацца нашай ракой Уса, якая разам з Лошай Неманец пераўтварае ў Нёман. А на беразе ракі – сімвала Беларусі – стаілася вёсачка Наднёман. Гэтае месца знакавае для навукі Беларусі, Расіі і нават Еўропы, бо менавіта тут знаходзіцца сядзіба (зараз рэшткі) Наркевіча-Ёдкі. На доўгія дзесяцігоддзі гэтае імя ў нашай краіне была неапраўдана забыта. А ў XXI стагоддзі з’явіўся дабрачынны фонд імя прафесара Я. Наркевіча-Ёдкі, дзейнасць якога накіравана на аднаўленне сядзібы і стварэнне музея навукі. Дык хто ж ён, Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка? Томкавіцкім турыстам аб гэтым расказаў Нікітка Аляксандр Іванавіч, мясцовы краязнавец і член наглядальнага Савета фонду.
Паход скончыўся, уражанні засталіся з намі, а наперадзе нас чакаюць новыя маршруты!!!
Вольга Алфёрава, намеснік дырэктара па ВР